Суставаногія[1] (па-лацінску: Arthropoda; ад грэцкага Ἀρθρον — «сустаў» і Πούς / ποδός — «нага»), таксама — чэлясаногія[2] — тып першаснаротых жывёлаў, які ўключае вусякоў, ракападобных, павукападобных і шматножак. Паводле колькасьці відаў і сваёй распаўсюджанасьці лічыцца адной з самых разнастайных групаў жывых арганізмаў. Колькасьць відаў суставаногіх перавышае колькасьць відаў ўсіх астатніх жывёлаў разам узятых.
Асноўная асаблівасьць прадстаўнікоў дадзенай групы жывёлаў — наяўнасьць хітынавага вонкавага шкілета.
Суставаногія распаўсюджаныя практычна паўсюль і адыгрываюць даволі значную ролю. Вусякі, разам з сысунамі й птушкамі, — дамінуючая група наземных жывёлаў. Налічваецца ня менш за 1,5 мільёны відаў вусякоў, але магчыма іх зашмат больш. Павукапабодныя й шматножкі, хоць і не дасягнулі такой разнастайнасьці, як вусякі, але таксама шырока распаўсюджаныя. Нарэшце, ракападобныя насяляюць амаль усе шыроты й глыбіні Сусьветнага акіяну. У некаторых рэгіёнах ракападобныя — пануючая група зоаплянктона.
Паводле падлікаў суставаногія маюць каля 1 170 000 апісаных відаў, і на іх прыпадае больш за 80% усіх вядомых відаў існых жывёлаў[3]. Іншае дасьледаваньне налічвае ад 5 да 10 мільёнаў існых відаў суставаногіх, якія ўлучаюць як ужо апісаныя віды, гэтак яшчэ не апісаныя[4]. Зрабіць дакладную ацэнку агульнай колькасьці жывых віды надзвычай цяжка, таму што гэтая справа часьцяком залежыць ад шэрагу дапушчэньняў пры разьліке колькасьці ў пэўных месцах і потым вылічваньня гэтага паказчыку для ўсяго сьвету. Дасьледаваньне, праведзенае ў 1992 годзе, паказала, што ў Коста-Рыке існуе каля 500 тысячаў відаў жывёлаў і расьлін, зь якіх 365 тысячаў відаў належалі да тыпу суставаногіх. Суставаногія зьяўляюцца адным з самых распаўсюджаных тыпаў шматвузавых арганізмаў, выяўленых у біясфэры[5].
Яны зьяўляюцца важнымі чальцамі марскіх, прэснаводных, наземных і паветраных экасыстэмаў, а таксама зьяўляюцца адной з двух асноўных групаў жывёлаў, якія прыстасаваліся да жыцьця ў сухім навакольлі.
Суставаногія маюць шмат агульнага з колцавымі чарвякамі, асабліва поліхетамі. Аднак праз шэраг арамарфозаў яны дасягнулі вышэйшай ступені дыфэрэнцыяцыі тканінаў і органаў, перш за ўсё нэрвовай сыстэмы й органаў пачуцьцяў, некаторыя групы маюць складаныя паводзіны, якое праяўляецца ў клопаце пра нашчадзтва, здольнасьці да складанай будаўнічай дзейнасьці, грамадзкага жыцьця і нават мове, як то ў вышэйшых перапонкавакрылых.
Як і колцавыя чарвякі, суставаногія ёсьць мэтамэрнымі жывёламі, іхнае цела складаецца з шэрагу сэгмэнтаў, аднак мэтамэрыя суставаногіх рэзка гетэраномная. Групы падобных сэгмэнтаў аб’ядноўваюцца ў аддзелы цела — тагмы. Часьцей за ўсё вылучаюцца тры тагмэ: галава, грудзі й брушка. У павукападобных галава зьліваецца з грудзьмі ў адзіную тагме — галавагрудзі, у трылабітаў і шматножак ёсьць толькі дзьве тагмэ — галава й тулава. Асаблівае значэньне мае працэс цэфалізацыі — утварэньне галавы, дзе сканцэнтраваны органы пачуцьцяў, як то вусікі й вочы, і першаснай перапрацоўкі ежы, то бок ротавы апарат.
Галава складаецца з галоўнай акроны, і некалькіх пярэдніх сэгмэнтаў. На думку большасьці навукоўцаў, акрон гамалягічны прастаміюму колцавым чарвяком. Галава суставаногіх мае шэсьць сэгмэнтаў. Колькасьць сэгмэнтаў, якія ўваходзяць у склад грудзей і брушка, якое сканчаецца анальнай шчылінай, рэзка вагаецца, але ў межах тыпу назіраецца тэндэнцыя да стабілізацыі й памяншэньня іхнай колькасьці. У выніку тагматызацыі аб’ядноўваецца й унутранае ўтрыманьне сэгмэнтаў: адны органы разрастаюцца за кошт іншых раўнацэнных органаў. У прыватнасьці, назіраецца канцэнтрацыя гангліяў нэрвовай сыстэмы ў галаўны мозаг.
Палажэньне групы суставаногіх у таксанамічнай герархіі неадназначнае. З аднаго боку, некаторымі аўтарамі была прапанаваная тэорыя, паводле якой некаторыя падтыпы суставаногіх ня маюць агульнага продка з колцавымі чарвякамі (лац. Annelida). У прыватнасьці, меркавалася, што падтып трахейныя (лац. Uniramia) бліжэй да аніхафораў (лац. Onychophora), чым да астатніх суставаногіх. Іншымі словамі, меркавалася поліфілія суставаногіх. Аднак большасьць навукоўцаў не прыняло гэты пункт гледжаньня, і гэта таксама супярэчыць генэтычным дасьледаваньням.
Зь іншага пункту гледжаньня, больш традыцыйным варыянтам зьяўлялася сьцьвярджэньне, што колцавыя чарвякі - бліжэйшыя сваякі як суставаногіх, гэтак і аніхафораў, грунтуючыся на аднолькавай колькасьці сегмэнтаў. Пазьней некаторыя аўтары сталі казаць пра канвэргентную эвалюцыі, лічачы, што суставаногія бліжэй да нэматода (лац. Nematoda), маючы агульныя зь імі здольнасьці да лінькі. Два верагодныя радаводы вызначаюць два вышэйстаячыя таксоны, да якіх можна было б прылічыць групу суставаногіх жывёлаў: сустаўныя (лац. Articulata) і ліняючыя (лац. Ecdysozoa)[6].
Найстаражытны зь вядомых суставаногіх — спрыгіна (позьні пратэразой) — мае ў будове цела нямала агульнага з колцавымі чарвякамі. Зь іншага боку, не выключаецца, што спрыгіна ставілася да зьніклага тыпу, хоць і надзвычай блізкаму да суставаногіх.
Клясыфікацыя падтаксонаў унутры групы суставаногіх таксама неадназначная. Пяць асноўных падгрупаў адносяць то да падтыпаў, то да клясах. Акрамя гэтых падгрупаў маецца таксама некаторы лік выкапнёвых жывёлаў, у большасьці сваім зь ніжнекембрыйскага пэрыяду, якія цяжка аднесьці да якой-небудзь падгрупы альбо па прычыне непадабенства зь вядомымі групамі, альбо з-за няяснасьці іхных роднасных узаемаадносінаў. Шматножкі й казуркі часьцяком аб’ядноўваюцца ў адну групу непоўнавусых. Некаторыя апошнія дасьледаваньні, аднак, сьведчаць, што шматножкі не бліжэй да казурак, чым да ракападобных.
— сховішча мультымэдыйных матэрыялаў
Суставаногія (па-лацінску: Arthropoda; ад грэцкага Ἀρθρον — «сустаў» і Πούς / ποδός — «нага»), таксама — чэлясаногія — тып першаснаротых жывёлаў, які ўключае вусякоў, ракападобных, павукападобных і шматножак. Паводле колькасьці відаў і сваёй распаўсюджанасьці лічыцца адной з самых разнастайных групаў жывых арганізмаў. Колькасьць відаў суставаногіх перавышае колькасьць відаў ўсіх астатніх жывёлаў разам узятых.
Асноўная асаблівасьць прадстаўнікоў дадзенай групы жывёлаў — наяўнасьць хітынавага вонкавага шкілета.
Суставаногія распаўсюджаныя практычна паўсюль і адыгрываюць даволі значную ролю. Вусякі, разам з сысунамі й птушкамі, — дамінуючая група наземных жывёлаў. Налічваецца ня менш за 1,5 мільёны відаў вусякоў, але магчыма іх зашмат больш. Павукапабодныя й шматножкі, хоць і не дасягнулі такой разнастайнасьці, як вусякі, але таксама шырока распаўсюджаныя. Нарэшце, ракападобныя насяляюць амаль усе шыроты й глыбіні Сусьветнага акіяну. У некаторых рэгіёнах ракападобныя — пануючая група зоаплянктона.